«РУ́ССКИЙ ФИЛОЛОГИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
філалагічны і навукова-педагагічны часопіс. Выдаваўся ў 1879—1917 у Варшаве на рус. мове па 4 кніжкі ў год. Першыя рэдактары — праф. Варшаўскага ун-та М.А.Коласаў і А.І.Смірноў (з 1880), з 1905 гал. рэдактар Я.Ф.Карскі. Часопіс друкаваў матэрыялы і даследаванні па мове, нар. паэзіі і стараж. л-ры славян, пераважна рускай, крытычныя матэрыялы, нататкі, рэцэнзіі, бібліяграфію, хроніку. Асвятляў праблемы педагогікі, рабіў агляды падручнікаў.
У часопісе ўдзельнічалі вядучыя вучоныя: І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф.І.Буслаеў, Дз.К.Зяленін, Б.М.Ляпуноў, У.Ф.Мілер, І.Поліўка, А.І.Сабалеўскі, І.І.Сразнеўскі, П.Ф.Фартунатаў, А.А.Шахматаў і інш. Значную навук. каштоўнасць маюць працы А.А.Патабні «Агляд паэтычных матываў калядак і шчадровак» (1884—87), М.Халанскага «Велікарускія быліны Кіеўскага цыкла» (1884—85), М.Ф.Сумцова «Эцюды пра Пушкіна» (1893—97), Карскага «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.» (1884—85), «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.» (1889), «Да гісторыі гукаў і форм беларускай мовы» (1890—93), «Да пытання аб межах беларускай гаворкі» (1905) і інш., А.В.Ветухова «Замовы, заклінанні, засцярогі і іншыя віды народнага лячэння, заснаваныя на веры ў моц слова» (1904—05), Р.М.Волкава «Народная драма «Цар Максімілян» (1912), нататкі У.Дабравольскага і інш. Друкаваліся паказальнікі апублікаваных у часопісе работ, складзеныя па дзесяцігоддзях (напр., 1879—88, 1888—98 і г.д.). Часопіс адыграў важную ролю ў развіцці бел. літ.-знаўства, мовазнаўства і фалькларыстыкі.
Г.А.Пятроўская.
т. 13, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)